Беларусь, татары, Аль-китаб, Аль-кiтаб, Байрам, Belarus, Bayram
Главная | Словник | Архив журнала 1991-2002 г.г. | Статьи | Интервью | Интернет ссылки | Контакты
"Такой кнігі раней не было"


       28 кастрычніка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася вечарына "Якуб Якубоўскі ў беларуска-татарскім культурным адраджэнні" з прэзентацыяй кнігі "Мы з Іманам жывём на зямлі Беларусі: беларускі татарын Якуб Якубоўскі". Кніга ўтрымлівае ўспаміны пра Якуба Якубоўскага (1932-1998 гг.), нарысы пра родныя мясціны, сям'ю, яго асабістыя артыкулы і інтэрв'ю, успаміны сяброў і паплечнікаў. Тэкставыя матэрыялы і фотаздымкі адлюстроўваюць прафесійную дзейнасць у рэдакцыі "Беларускай энцыклапедыі" (1967-1992 гг.) як географа і грамадскую працу на ніве беларуска-татарскага адраджэння (1991-1998 гг.).
       У загалоўку кнігі першы радок гімна беларускіх татараў, задума стварэння якога і словы належаць Якубу Якубоўскаму:

Мы з Паволжа і Крыма з Іманам прыйшлі
На гасцінныя землі Літвы й Беларусі.
Пад Грунвальдам суровы экзамен здалі
І уланскую службу няслі без прымусу.

       Пачаўшы гаснуць у сэрцах беларускіх татараў агеньчык еднасці, ведаў аб сабе ахінуў, удыхнуўшы ў яго свежае паветра, Якуб, сын Адамавы, Якубоўскі. Менавіта гэты самавіты - самастойны, паважны, дасведчаны - чалавек быў абраны Усявышнім дзеля здзяйснення Вялікага наканавання - стварэння ў 1991 годзе першага друкаванага выдання беларускіх татараў - штоквартальнага часопіса "Байрам". 28 нумароў! 3 імі ён пражыў кожны радок, кожны артыкул. Надоўга наперад вызначыў раздзелы, тэматыку, дух "Байрама" чалавек, які не любіў казаць"Я", але, ведаючы, што яго літара завяршаючая ў алфавіце, закончыў свой зямны шлях магутна і годна - дадзеныя яму Алагам розум і сілы аддаў свайму народу і зямлі, якая стала нам, татарам, роднай.
       Першы Муфцій мусульман Беларусі Александровіч Ісмаіл Мустафавіч адкрыў вечарыну згодна з традыцыяй чытаннем суры "Аль-Фатыха" - малітвай, якая мае для мусульман такое ж значэнне як для хрысціян "Ойча наш".
       Прысутныя атрымалі ў якасці падарунка асобнікі кнігі з аўтографамі складальнікаў. З вялікай павагай і дарчым надпісам кніга перададзена ў акадэмічную бібліятэку, супрацоўнікі якой сардэчна і адказна рыхтавалі гэтую вечарыну і выставу, з прэзентацыяй якой і вітальным словам выступіла кандыдат гістарычных навук, загадчык сектара кнігазнаўства аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Алена Іосіфаўна Цітавец.
       З'яўленне гэтага выдання вельмі знамянальнае для татарскай грамадскасці Беларусі - кніга прысвечана канкрэтнаму чалавеку. Аўтары-укладальнікі выдання - ІванДраўніцкі і Таццяна Якубоўская. Іван Пятровіч пачаў з расповяду аб тым , што яны з Якубам Адамавічам - сябры з дзяцінства: "Мы гадкі, абодва з 1932, і нашыя імёны ў іх памяншальна-ласкавай форме таксама былі падобныя - Яська і Яшка". Прайшлі гады пасля заканчэння школы, а шляхі іх не разышліся. Гісторык, краязнавец, збіральнік гістарычных звестак пра Нарачанскі край і яго людзей і стаў ініцыятарам стварэння кнігі.
       Ідэю не магла не падтрымаць сяброўка жыцця Якуба Адамавіча, маці іх дзяцей Канстанціна і Аўгінні, паплечніца па энцыклапедычнай працы, кандыдат геолага-мінералагічных навук Таццяна Васільеўна. Яна распавяла як паступова складалася кніга, хто дапамагаў у яе стварэнні, падзякавала Яўгена Рыгоравіча Лецку, пісьменніка і выдаўца, які зрабіў першае прачытанне рукапісу. Затым прадставіла галоўнага рэдактара выдавецтва "Тэхналогія" Зміцера Хфёдаравіча Санько і рэдактара кнігі Селях Дзіяну. Зміцер Санько распавёў, што пра беларускіх татараў ён даведаўся на жаль не са школьных і інстытуцкіх падручнікаў, а з публікацый за 1927 год Віталя Вольскага ў часопісе "Узвышша", падшыўкі якога захоўваліся ў бібліятэцы дзеда сп. Зміцера. Таму, калі пачалася праца над кнігай "100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі" (складальнікі Іван Саверчанка, Зміцер Санько, Менск, 1993), то адным з пытанняў было "Адкуль з'явіліся татары ў Беларусі?"
       Зміцер Санько і супрацоўнікі "Тэхналогіі" працавалі над кнігай з вялікай любоўю. І гэта немагчыма было не заўважыць, пра што выдатна казалі Міхась Шавыркін і Яўген Гучок. Абодвум беларускія татары шчыра ўдзячныя за іх уклад ў тыя матэрыялы, якія першы як галоўны рэдактар змяшчаў ў часопісе "Роднае слова", а другі як сябра рэдкалегіі часопіса "Байрам" перакладаў суры Кур'ана на беларускую мову. Паэт вельмі шчыра рабіў свае пераклады і з задавальненнем адгукаўся на просьбы сп. Якубоўскага, якога ўспрымаў ва ўсіх яго справах як натуру паэтычную.
       Асобны блок выступоўцаў склалі супрацоўнікі Энцыклапедыі, працы ў якой Якуб Адамавіч аддаў 25 гадоў. Выступілі доктар геолага-мінералагічных навук, акадэмік НАН Беларусі Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі як член Рэдкаллегіі энцыклапедычных выданняў, Георгій Канстанцінавіч Кісялёў, былы загадчык рэдакцыі ўсеагульнай гісторыі і адзін з аўтараў гісторыка-дакументальных хронік "Памяць". Былыя намеснікі галоўнага рэдактара Соф'я Пятроўна Самуэль і Іосіф Пятровіч Хаўратовіч - адны з прадстаўнікоў пляяды выдатных прафесіяналаў, з якімі разам Якуб Якубоўскі працаваў над выданнем першай у Беларусі 12-тамовай універсальнай "Беларускай Савецкай Энцыклапедыі" і з якіх пачалося выданне шасцітамовай "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі", у рэдкалегію якой ўваходзілі Б.І. Сачанка, А.П. Грыцкевіч, М.І. Ермаловіч, У.М. Конан, А.В. Мальдзіс, В.У. Скалабан, М.А.Ткачоў, Г.В. Штыхаў і інш. Неабходна сказаць, што шосты том пашырыўся да двух частак, у першай яго частцы змешчаны артыкул "Татары", а ў другой "Якубоўскі Якуб".
       Вайткевіч Вячаслаў - у свой час супрацоўнік рэдакцыі мовы, літаратуры, фальклору і этнаграфіі- звярнуў увагу на прафесіяналізм сп. Якубоўскага, разумеючы пад гэтым не "ўсёведанне", а перш-наперш веданне таго, што і як трэба рабіць, каб бездакорна аўтарытэтная энцыклапедыя стала б зборам назапашаных і - вельмі істотна - сістэматызаваных, прыведзеных у парадак ведаў і спараджала ў карыстальніку імкненне да пашырэння ведаў і да самастоўнай думкі.
       Я.А. Якубоўскі прымаў удзел як навуковы рэдактар у складанні трох энцыклапедычных выданняў. Болей як у пяці энцыклапедычных выданнях яго прозвішча пазначана як загадчыка рэдакцыі геаграфіі, геалогіі і геафізікі, супрацоўнікі якой удзельнічалі ў падрыхтоўцы матэрыялаў па тэматыцы "Беларускай Савецкай Энцыклапедыі" (у 12-ці т., 1969-1975 гг.) - першым у Беларусі шматтамовым энцыклапедычным выданні на беларускай мове. Калектыў яго стваральнікаў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР за 1976 г. і сярод іх Якуб Якубоўскі.
       "Энцыклапедыя прыроды Беларусі" выйшла ў 1983-1986 гг. Прыгожае, ў супервокладках пяцітамовае выданне на беларускай мове ўключыла больш за 15 тысяч артыкулаў. Вынікі працы былі адзначаны сярэбраным медалём Праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП). Адзінае з усіх краін былога СССР выданне аб прыродзе рэспублікі было падрыхтавана па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам менавіта Я.А. Якубоўскага.
       Узнагароды Якуб Адамавіч атрымліваў за свою адказную з веданнем справы працу. Анатоль Белы і Анатоль Грыцкевіч уручылі ім з Ібрагімам Канапацкім "За выданне на беларускай мове квартальніка беларускага згуртавання татараў-мусульманаў "Байрам" і актыўны ўдзел у татарскім і беларускім нацыянальна-культурным адраджэнні" медаль Міколы Шчакаціхіна і адпаведны дыплом з занясеннем імя ў кнігу гонару "Рупліўцы твае, Беларусь".
       Магутны вопыт энцыклапедычнай дзейнасці адразу ж пасля выхаду на заслужаны адпачынак быў накіраваны на татарскую справу - выданне штоквартальніка "Байрам", газеты "Жыццё татарскае", падрыхтоўку слоўніка да "Энцыклапедычнага даведніка для татараў Беларусі" (падрыхтавана 10 тысяч тэрмінаў з дэфініцыямі, 350 пробных артыкулаў змешчана ў нумарах часопіса).
       Аб працы Якуба Якубоўскага над выданнямі згуртавання "Аль-Кітаб" казалі доктар гістарычных навук, аўтар навуковых артыкулаў і выданняў па гісторыі і культуры беларускіх татараў доктар гістарычных навук Леанід Міхайлавіч Лыч, Старшыня (муфцій) мусульманскага рэлігійнага аб'яднання Абу-Бекір Юх'янавіч Шабановіч.
       У 2009 годзе выйшаў на беларускім тэлебачанні цыкл "Лабірынты гісторыі беларускіх татараў" з чатырох частак па 26 хвілін, з задавальненнем прысутныя слухалі аўтара і рэжысёра гэтага дакументальнага цыкла Аляксандра Матафонава.
       Вялікай павагі заслугоўвае таксама дзейнасць Ліліі Коршун, вядучай некалі існаваўшай на Беларускім радыё праграмы "Супольнасць", у якой сярод прывітальных слоў гучала і "Салям алейкум" Ібрагіма Канапацкага, часта выступалі прадстаўнікі татарскай інтэленцыі. Лілія Коршун прысутнічала на вечарыне.
       Колькасць прадстаўнікоў нашага старадаўняга, пры гэтым карэннага этнасу, з гадамі мяньшыцца. Гэта выклікае разуменне навукоўцаў. Так, тэмай навуковага даследання кандыдата біялагічных навук Васіля Панкратава стаў унёсак папуляцыі беларускіх татараў у генафонд насельніцтва Беларусі з далейшым выкарыстаннем ў вывучэнні пытанняў этнагенэсу беларускіх татараў і фарміравання насельніцтва Беларусі.
       Зарына Канапацкая, кандыдат гістарычных навук, прадаўжальніца дзейнасці свайго бацькі Ібрагіма Канапацкага выступіла ад імя наступнага пакалення татарскага этнасу.
       Калі б было прапанавана вылучыць словы, якія рэфрэнам гучалі ва ўсіх выступленнях, то яны маглі быць наступнымі: "Беларускіх татараў нельга разлучыць-раз'яднаць з карэнным насельніцтвам. Ібрагім Канапацкі і Якуб Якубоўскі - волаты татараў, а таксама абаронцы культуры беларускай нацыі".
       Верш-прысвячэнне Якубу Якубоўскаму "Беларускія татары" Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна заканчваецца такімі радкамі: "Татары! / Множцеся й пладзіцеся, / Вы нашыя.Салям алейкум!"
       На завяршэнне хацела б выказаць спадзяванне, што кніга, асобнікі якой перададзеныя ў многія бібліятэкі краіны, у татарскія абшчыны, стане штуршком да працягу распрацоўкі татарскай тэматыкі прадстаўнікамі беларускай навукі, даследчыкамі з іншых краін, музейнымі работнікамі, літаратарамі, аўтарамі радыё і тэлепраграм, драматургамі, сцэнарыстамі, рэжысёрамі, мастакамі.

       P.S. Мікола Лавіцкі зрабіў відэазапіс вечарыны, фіксавалі на фотакамеру таксама Канстанцін Якубоўскі, Анжэліна Туфкрэо і інш. Інфармацыя змешчана на некалькіх сайтах, у тым ліку Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі. На Беларускім радыё выйшла ў эфір перадача, прысвечаная прэзентацыі выдання.

       Слова іман (ад араб. "верыць", "увераваць")- больш чатырох дзясяткаў разоў выкарыстоўваецца ў самым шырокім значэнні ў Кур'ане.

       Надрукавана ў "Краязнаўчай газеце" №44 за лiстапад 2015 г.
        Разалія Александровіч





"Тукай - звычайнае прозвішча…"


Габдула Тукай

       Габдула Тукай (Нabdulla Tuqay). Напэўна, рэдка каму з жыхароў Беларусі знаёма сугучча гэтых словаў. Габдула Тукай (1886 -1913) - класік татарскай літаратуры, адзін з яе пачынальнікаў. Імя Габдулы Тукая, як і імя Мусы Джаліля, асабліва дарагое татарам Паволжжа.
       Для сусветнай культуры вельмі значная яго перакладчыцкая дзейнасць, менавіта ён пераклаў на фарсі Пушкіна. Прыгажосць вершаскладання іранскага паэта Хафіза найлепш змаглі перадаць Гётэ і Пушкін, а яшчэ Тукай. Яго творы выдадзены на 26 мовах свету мільённымі тыражамі. Да 125-годдзя нараджэння паэта ў перакладзе на фарсі падрыхтаваны ў найлепшых традыцыях Ірана (старадаўняй Персіі) зборнік ягоных вершаў.
       Як не дзіўна, але прозвішча Тукай было вядома на Наваградчыне яшчэ 200 гадоў таму назад. Калі Адам Міцкевіч напісаў філасофскую баладу "Тукай, або Выпрабаванні дружбы" (выдадзена ў Вільні, 1823), то тлумачэнне да твора самога аўтара гучала так: "Тукай - звычайнае прозвішча, якое сустракаецца ў некаторых вёсках каля Завосся (на Наваградчыне), дзе адбываецца дзеянне балады".
       Адам Міцкевіч (1798 - 1855), Аляксандр Пушкін (1799 - 1837), Міхаіл Лермантаў (1814 - 1841), Янка Купала (1882 - 1942), Максім Багдановіч (1891 - 1917) сталі светачамі паэзіі сваіх народаў, а іх жыццёвая пазіцыя служыць узорам сумленным людзям усяго свету. Тукай лічыў сябе вучнем Пушкіна, ён першым з татарскіх паэтаў назваў у сваім вершы імя Лермантава. Даволі рана ён пазнаёміўся з творамі вялікіх рускіх паэтаў, перакладаў Пушкіна, выдатна ведаў творчаць Лермантава, а напрыканцы свайго кароткага жыцця напісаў:

       Пушкин, Лермонтов - два Солнца - высоко вознесены,
       Я же свет их отражаю наподобие Луны.
              1913 Урывак. Пераклад з татарскай В. Ганіева
       
       Татарскі юнак абагаўляў Пушкіна, чытаў яго, як мусульманін чытае Кур'ан.

       Всегда душе моей близки твоей души порывы…
       Идти повсюду за тобой - мой долг, мое стремленье,
       А то, что веры ты другой, имеет ли значенье?..
              Пушкіну. Пераклад з татарскай С.Бацвінніка
       
       Лермантава любіў як сябра, такога ж, як і сам, адзінокага. Маці Лермантава памерла, калі маленькаму было ўсяго два гады, бацьку ён амаль не бачыў і рос пад апекай бабулі з роду Арсенневых (прозвішча ўзнікла ад імя залатаардынскага мурзы Арслана, хрышчонага пад імем Арсеній).
       Ранняе сіроцтва - гэта Габдула адчуў спаўна. У чатыры з паловай месяцы ён застаўся без бацькі, указного мулы Мухамет-Гарыфа. І толькі ў мячэтнай кнізе захаваўся зроблены яго рукой запіс арабскай вяззю аб нараджэнні сына. Калі хлопчыку было тры гады, памерла маці. Далей дзядуля вымушаны быў аддаваць унука на выхаванне ў розныя сем'і. У 1895 г. дзевяцігадовага Габдулу ўзялі ў сем'ю купца Усманава, дзе гаспадыняй была сястра яго бацькі. Ён прыехаў ва Уральск, стаў вучыцца ў медрэсэ "Мутыгія" і праявіў высокую адоранасць у пасціжэнні моваў - татарскай, рускай, арабскай, турэцкай, персідскай (фарсі).
       
Адначасна загаварылі аб долі селяніна
       Веданне моваў і няпростыя павароты жыцця адкрылі Габдуле Тукаю шлях у прафесію журналіста, а далей і ў вялікую паэзію. Яго першым выдатным паэтычным творам на татарскай мове быў пераклад верша А. Кальцова "Что ты спишь, мужичок?". Верш апублікаваны пад назвай "Сон мужыка", год апублікавання - 1905. І як тут не ўзгадаць, што ў тым самым 1905 годзе 15 траўня ў мінскай газеце "Северо-Западный край" быў апублікаваны на беларускай мове верш "Мужык" - першы надрукаваны твор Івана (Яся) Луцэвіча, які падпісаўся псеўданімам "Янук Купала". Па волі лёсу атрымалася так, што абодва нацыянальных паэты адначасна загаварылі з селянінам аб чалавечай годнасці на яго роднай мове.
       Ім наканавана было жыць у адну эпоху і стаць Прарокамі для свайго народа! Габдула Тукай нарадзіўся 14 (26 па н. ст.) красавіка 1886 г. у вёсцы Кушлавыч Казанскага уезда, Казанскай губерні. Янка Купала нарадзіўся амаль на чатыры гады раней - як раз у ноч народнага свята Купалле 25 чэрвеня (7 ліпеня па н. ст.) 1882 г. у фальварку Вязынка Мінскага павета Мінскай губерні. Пасля смерці бацькі ў 1902 г. яму, каб пракарміць сям'ю, давялося на працягу шасці гадоў (1902 - 1908) не толькі працаваць на сялянскай гаспадарцы. Ясь Луцэвіч быў хатнім настаўнікам, прыказчыкам у панскім маёнтку, чорнарабочым, тры гады працаваў памочнікам вінакура на броварах. Яго першыя літаратурныя спробы звязаны з гэтым перыядам жыцця.
       І далей паэты крочылі агульным шляхам, які вызначаў час і гатоўнасць служыць свайму народу. На хвалі рэвалюцыі 1905 г. ва Уральску з'явіліся першыя татарскія газеты і часопісы "Фіке?р" (Думка), "Аль-гасраль-джадзід" (Новы век), "Укла?р" (Стрэлы), у якіх Тукай друкае вершы і артыкулы. На пачатку 1907 г. пакідае медрэсэ, а з чэрвеня 1907 г. пачынаецца наступ на дэмакратычны рух. Водгукам на гэта стаў верш-заклік "Не адыйдём!", вершы "Шурале", "Пара коней", "Роднай зямлі".
       Тукай горача любіў Казань, называў "прамяністай", звязваў з ёй самае лепшае. І гэта не глядзячы на тое, што за час жыцця ў Казані ў яго не было ніводнога паэтычнага зборніка, на каторы не накладваўся б арышт. Затое ў 1907 - 1908 гг. ён надрукаваў у газеце "Эль-іслах" і сатырычным часопісе "Яшэн" (Маланка) каля шасцідзесяці вершаў, адну невялікую паэму і дзве паэмы-казкі. Пазней было складзена два зборніка (за кожны паэт атрымаў па пяцьдзесят рублёў), асобна выдадзена казка "Залаты пеўнік" - вольны пераклад з Пушкіна. Друкаваў ён таксама фельетоны і артыкулы. Толькі для дзяцей выдаў каля дзясятка кніжак.
       Купала любіў Вільню. У 1908 - 1909 гг. Янка Купала жыў у сталіцы беларускага адраджэння і працаваў у рэдакцыі газеты "Наша ніва". У гэты час ім напісаны творы з жыцця беларускіх сялян ("У Піліпаўку", "За што?" і інш.). Да 1913 г. ён пераклаў на беларускую мову А. Міцкевіча, асобныя творы рускіх паэтаў, якіх таксама перакладаў Габдула Тукай, - І.Крылова і А. Кальцова. Яго натхняла творчасць М. Горкага, які яшчэ ў 1910 г. зрабіў пераклад менавіта купалаўскага верша "А хто там ідзе?" і змясціў у часопісе "Современный мир". Пазней былі здзейснены пераклады верша на многія мовы народаў свету і ў выніку атрымаўся асобны зборнік аднаго верша на 82 мовах.
       
1913 - 1942
       У 1913 годзе, у красавіку, калі прырода абвяшчала новы цыкл адраджэння, перарвалася жыццё Тукая, у татараў не стала свайго паэта.
       У 1913 г. у Вільні выйшаў адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў Максіма Багдановіча "Вянок".
       У кастрычніку 1913 г. Купала вяртаецца ў Вільню. Ён працуе ў "Беларускім выдавецкім таварыстве", у газеце "Наша ніва" і як рэдактар гэтага выдання церпіць судовыя пераследаванні царскіх уладаў. Але гэта не спыняе Песняра, ён выдае зборнікі сваіх твораў. У 1913 г. выйшаў трэці паэтычны зборнік "Шляхам жыцця", у які побач з выразна грамадзянскімі вершамі, уваходзяць шэдэўры Купалавай філасофскай, пейзажнай, інтымнай лірыкі. Многае з таго, што будзе напісана пасля, не зможа пераўзыйсці напісанае ў гэты час, хоць Купале наканавана пражыць яшчэ амаль 30 год.
       Купала і Тукай жылі ў адзін час, але дарогі іх не сышліся, хоць сустрэцца яны маглі. Напрыклад, вясной 1912 г. у час прыезду Тукая ў Пецярбург, дзе Купала займаўся на агульнаадукацыйных курсах А.С. Чарняева (1909 - 1913 гг.).
       Быў Купала і ў Казані. Але гэта было пазней і нагода была дрэнная - вайна. Летам 1941 г. ён пакідаў акупаваную нямецкімі войскамі Беларусь. У перапоўненую бежанцамі Казань Купала разам з жонкай трапілі восенню. Па запрашэнні дырэктара млынкамбіната Наякшына яны з Уладзіславай Францаўнай апынуліся ў невялікім мястэчку Пячышчы. Некаторы час жылі ў доме дырэктара, а пасля перасяліліся ў службовую кватэру пайшоўшага на фронт намесніка дырэктара. Народны паэт Беларусі хадзіў па тэрыторыі млына, у яго склаліся добрыя адносіны з рабочымі, з імі паэт размаўляў кожны дзень. Вядома, што Янка Купала нават друкаваўся ў газеце млынкамбіната. Да гэтага на татарскую мову было перакладзена два вершы Купалы "А ў Вісле плавае тапелец..." (перакладчык невядомы) і "Сонца" (пераклад Х. Туфана). У Пячышчах быў створаны верш "Хлопчык і лётчык на вайне", пачатая паэма "Дзевяць асінавых колляў".
       Млынкамбінат, магчыма, працуе і цяпер. А ў 1950 г. на адным з муроў была ўсталявана мемарыяльная шыльда з тэкстам: "В этом доме с 13 ноября 1941 года по 13 июня 1942 года жил народный поэт Белоруссии Янка Купала". У 1975 г. адкрыты мемарыяльны пакой Я.Купалы, які зараз з'яўляецца часткай музея гісторыі млынкамбіната. У пакоі захоўваюцца рэчы, якія ўтрымліваюць цеплыню рук паэта, подых яго жыцця: пісьмовы стол, шафа з кнігамі, венскія крэслы, жалезны ложак, радыёпрыёмнік. На вялікі жаль нам невядома, ці вярнуўся з вайны былі гаспадар кватэры. Купалу ж сярод вайны выклікалі ў Маскву з нагоды 60-годдзя. Ён прыехаў 18 чэрвеня 1942 г., 28 чэрвеня Янкі Купалы не стала. У гатэлі "Масква" пры загадкавых абставінах яго жыццё трагічна абарвалася у лесвічным пралёце дзясятага паверха. Загінуць жа ён мог ужо як мінімум двойчы. Ад лістапада 1930-га прайшло амаль 12 год, ад 1937-га меней… У той самы дзень, калі ў Маскве хавалі паэта, памерла яго маці Бянігна Іванаўна. Яна не ведала, што здарылася з сынам, аднак, здаецца, што такое супадзенне невыпадковае - гэта повязь паміж маці і сынам, які так быў падобны да яе... Праз 20 год пасля смерці ўрна з прахам паэта будзе перавезена ў Мінск на Вайсковыя могілкі і сын знойдзе спачым побач з маці.
       Да 125-годдзя з дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі ў Маскве на Кутузаўскім праспекце ў ліпені 2007 г. быў адкрыты помнік, які лічыцца адным з лепшых манументаў Купале ў свеце. А ў красавіку 2011 г. на Новакузнецкай (хоць ёсць Ардынка і Вялікая Татарская) адкрыўся помнік Габдуле Тукаю. Адкрыццё помніка адбывалася ў дні святкавання 125-годдзя з дня нараджэння паэта.
       
Тукай - Багдановіч
       Тукай мог сустрэцца і шчыра пасябраваць з маладзейшым на пяць гадоў Максімам Багдановічам. Артыкулы Максіма друкаваліся ў газетах, якія маглі трапіцца Габдуле ў рукі. Максіму лёгка было б зблізіцца з паэтам і публіцыстам, у якога, як і ў яго самога, было абвостранае пачуццё адданасці свайму краю, а яшчэ… адчуванне адзіноты. І ў гэтым ім абодвум быў блізкі Лермантаў. Да 100-годдзя з дня нараджэння Лермантава Багдановіч змясціў у яраслаўскай газеце "Голос" (2.10.1914) артыкул аб творчасці Лермантава "Одинокий". У Лермантава ёсць радкі: "Я к одиночеству привык, // Я б не умел ужиться с другом". Тукай у адным з вершаў абгрунтоўвае сваю прыхільнасць да адзіноцтва, адасобленасці: "Ты живи своею жизнью, избегая суеты, // Шум бесплодный чужд поэту, от него скрывайся ты" ("На память", пер. В. Тушновай). Паэма Багдановіча "Максім i Магдалена" стваралася пад уплывам "Песні пра... купца Калашнікава" i "Баярына Оршы", духоўная напружанасць жыцця наканавана асуджаным на адзіноту галоўным героям паэмы Лермантава "Дэман" i паэмы Багдановіча "Страцім-Лебедзь". Тукай таксама пісаў вершы яму ў перагук: у падзагалоўку верша "Прарок" (1908) пазначана, што гэта варыянт аднайменнага верша Лермантава.
       Лермантаў, Тукай, Багдановіч. Паэты пражылі вельмі мала. Лермантаў - 27, Тукай - 26, Багдановіч - 25 гадоў. Міхаіл Лермантаў загінуў на дуэлі. Жыцці Габдулы Тукая і Максіма Багдановіча загубіла адна і тая ж хвароба, але яны здолелі адчуць радасць жыцця.

Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы,
Калісь глядзеў на сонца я.
Няхай усе з мяне рагочуць,
Адповедзь вось для іх мая:
Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы.
Трыялет. М. Багдановіч
Пусть жизнь моя как ночь темна,
Не жду ни солнца, ни луны.
Я благодарен и за то, что звезды в небе мне видны.
Я ощущаю тяжесть рук, прикосновенье черных сил.
Но враг мой в сердце у меня святой звезды не погасил.
Нет, нет, горит моя звезда, не меркнет отблеск золотой,
И несомненно, хоть один заблудший той спасен звездой.
Моя звезда. Г. Тукай. Пераклад В.Тушновай

       Габдула і Максім маглі распавесці адзін адному шмат аб чым. Напрыклад, Габдула прыгадаў бы збіты з дошак куфэрак, у якім дзед Зінатула трымаў кнігі - самае вялікае сваё багацце, і вось дзядуля, галава вялікай сям'і, сядзіць за чытаннем ці чытае сваім родным вершы, якія сам напісаў. Максім бы распавёў пра бібліятэку бацькі Адама, пра бацькаў куфар і цудоўнае яго выратаванне з агню.
       
Няма смачней вадзіцы, як з роднай крыніцы
       Вельмі важныя падзеі прыйшліся на 1911 год. Максім працуе над стварэннем беларускага лемантара. Па заканчэнні гімназіі ў чэрвені 1911 г. ён едзе ў Вільню, дзе будзе два дні, затым здзейсніць сваю мару - наведае беларускія мясціны. Каб зараз з Мінска трапіць у Ракуцёўшчыну, трэба ехаць чыгункай у накірунку Маладзечна і калі праехаць станцыю Мясата, то далей будзе Татаршчызна, а затым Крыніца. Вось тут быў Максім і, як кажуць у казках, ваду піў. Напэўна, для яго хворых грудзей, яна была хоць на некаторы час гаючай.
       Наогул жа яму патрэбны былі больш сур'ёзныя лекі. 21 лістапада 1910 г. Адам Ягоравіч у лісце да Кацярыны Паўлаўны Пешкавай піша: "Максім слабагруды, праседзеў зіму ў Ялце, а летам з Лёвам на кумысе". Бацька стараўся падтрымаць сваіх дзяцей. Калі захварэў на сухоты старэйшы сын Вадзім, летам 1899 г. сям'я едзе на кумыс у вёску Кара-Якупава недалёка ад станцыі Чышмэ Уфімскай губерні. У башкірскай вёсцы здымаюць Багдановічы вялікую хату. Адам Ягоравіч узгадваў: "Я амаль заўсёды быў з дзецьмі і імкнуўся паказаць ім жыццё стэпу ва ўсіх яго праявах - і раніцай і ўдзень, і вечарам і ноччу, і ў ціхі сонечны дзень і ў буру, якія тут былі асабліва велічныя. Вандравалі мы і па перадгор'ях Урала, назіраючы магутныя напластаванні вапнякоў роўнымі градкімі плітамі, з-пад якіх месцамі прабіваліся крыштальнай чысціні крыніцы, падаючы каскадамі з тэрасы на тэрасу і ўтвараючы месцамі невялікія азерцы, якія з вышыні здаваліся бліскучымі пацеркамі, нанізанымі на шнурок".
       Калі б Максім пачуў пераклад радкоў з верша Габдулы Тукая, магчыма, ён бы ўзгадаў тую вёску, а калі б пачуў арыгінал, то абавязкова змог бы зразумець слова "чышмэ", што ў перакладзе з башкірскай і татарскай моваў значыць "ключ", "крыніца":
       
       На горе - деревня; неподалеку -
       Светлый ключ, сбегая, вьется по песку;
       Помню ту деревню, помню ключ живой,
       Вкус воды я помню, чистой, ледяной.
              Родная деревня. Г.Тукай
       
       На пачатку траўня 1911 г. параходам Габдула накіроўваецца ў Астрахань і па шляху знаёміцца з жыццём Паволжа. Увесну ён асільвае падарожжа праз Казань, Уфу, Троіцк і да Пецярбурга, у якім па збегу абставін Максіму не наканавана было вучыцца, жыць і працаваць. А праз некалькі тыдняў Тукай едзе ў казахскія стэпы піць кумыс, спадзеючыся паправіць сваё здароўе. У Казань вяртаецца на пачатку жніўня.
       Паэту раілі паехать на поўдзень, але ён не меў на гэта сродкаў. Хоць кнігі ў яго выходзілі адна за адной і зусім нядаўна Тукай быў адным з трох татарскіх пісьменнікаў, якія атрымлівалі самыя вялікія ганарары. Сям'і ў паэта няма, але грошы разыходзяцца хутка: іх пазычаюць і не вяртаюць, ён набывае рэчы і не карыстаецца імі. Здаецца, купляе патрэбнае - кнігі, але і яны хутка пераходзяць да другіх. Калі-нікалі наведвае тракціры, там частуе іншых, назірае, слухае размовы. Так ён застаецца без грошаў. Напрадвесні 1913 г. сябры збіраюць грошы, але іх хапае толькі на паездку ў вёску. На прыродзе добра, ды трэба вяртацца: душыць хвароба. Тукай здымае танны пакой у гатэлі - свайго дома ў яго ніколі не было. Здароўе пагаршаецца, а яму так хацелася б яшчэ хоць крыху пажыць на гэтым свеце… Нічога ж не застаецца, як легчы ў бальніцу - "першую станцыю да смерці" (гэтую думку яму цяжка пераадолець). 11 красавіка 1913 г. а пятай гадзіне вечера паэта не стала. Габдула Тукай памёр, як пісаў Горкі , "ад голада і чахоткі". Пахавалі Тукая на могілках у казанскай Нова-Татарскай слабадзе, праводзілі яго шмат людзей, у тым ліку моладзь.


Тукай у госпіталі, 1913 г.
       Мінскія сябры Максіма Багдановіча здолелі сабраць грошы на яго паездку ў Ялту. Па дарозе прыйшлося перажыць зімовыя нягоды, што яшчэ больш аслабіла здароўе. Ён усё ж дачакаўся вясны, але ў самым яе росквеце 25 траўня паэта не стала. Максім паміраў адзін, у невялікім пакойчыку. Пахавалі яго на Аўцкіх могілках без родных, сціпла, але па-хрысціянску. Максіма Багдановіча не стала ў 1917. Гэта быў год, які прынёс мноства перамен, загубіў заўчасна мноства жыццёў.
       


Помнік у Астрахані



Помнік у Маскве
Мова родная, святая!
       Творы геніяў на хвалі адраджэння становяцца нацыянальнымі гімнамі. Так сталася з "Пагоняй" Максіма Багдановіча, "Малітвай" Наталлі Арсенневай, "Роднай мовай" ("Туган тэл") Габдулы Тукая. "Туган тэл" для татараў як "Магутны Божа" для беларусаў. Напэўна таму народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін зрабіў своё пераўвасабленне гэтага твора - нізкі яму паклон і Рай Светлы!

Мова родная, святая, мова маці дарагой!
Шмат я ў гэтым свеце зведаў, заручыўшыся табой.
Мова родная! Табою я маліўся першы раз:
Божухна, даруй матулі, бацьку, мне, памілуй нас!
       Пераклад Р.Барадуліна, 1991 год
О язык мой, ты - опора в испытаньях бытия,
С детства близкий и понятный, радость и печаль моя.
О язык мой, как сердечно я молился в первый раз:
Сохрани отца и маму, не оставь, Всевышний, нас...
       Пераклад Р. Бухараева

       Калі разумееш іншыя мовы, то становішся больш блізкім да іх носьбітаў. Але колькі моваў не ведае чалавек, роднай называе ён адну. Бывае, што за гэтую адну прыходзіцца змагацца. Я шчаслівая ў сваёй далучанасці да беларускай мовы і культуры. Беларуская мова - родная, свой унёсак у яе захаванне зрабілі і робяць многія беларускія татары. Добра ведаю рускую мову - мову Пушкіна і Лермантава, Талстога і Дастаеўскага. Вучу польскую, каб чытаць у арыгінале Міцкевіча. Хацела бы прачытаць па-татарску, напрыклад, размову хлопчыка і матылька з аднайменнага дзіцячага вершыка Габдулы Тукая. Ведаю літары арабскага алфавіта - імі пісаліся кітабы; хоць арабскую мову не разумею, але мелодыка мусульманскай малітвы ўзрушае мае пачуцці, лашчыць зрок арабская вязь. Шкадую, што не валодаю крымскататарскай мовай, каб выказаць словы падтрымкі сваім братам у сувязі з чарговымі выпрабаваннямі.
       Упэўнена, што амаль кожны крымскі татарын зразумее не проста словы, а адчуе ў іх горыч і боль сваю і блізкіх, якіх не проста вывезлі з роднай зямлі, а рабілі ўсё, каб у жахлівых умовах, як па дарозе, так і ў выгнанні, яны не выжылі. Але і ў выгнанні людзі жылі памяццю аб роднай зямлі, паміралі з надзеяй, што нехта ўсё ж вернецца.

              Даўно ўжо целам я хварэю,
              І хвор душой, -
              І толькі на цябе надзея,
              Край родны мой!
              У родным краю ёсць крыніца
              Жывой вады.
              Там толькі я змагу пазбыцца
              Сваей нуды.
              Калі ж у ім умру-загіну,-
              Не жалюсь я!
              Ня будзеш цяжкая ты сыну
              Свайму, зямля.
              Там хоць у гліне, хоць у брудзе,
              Там, пад зямлёй,
              Найдуць мае слабые грудзі
              Сабе спакой.
                     Максім Багдановіч

Родная зямля мягчэй, чым чужая пярына
       Татарскія мясціны былі ў свой час прыветнымі да Янкі Купалы. Напрыканцы 1923 г. Купала лячыўся ў санаторыі "Гаспра". Вось завяршаючая частка верша, напісанога ім ў Крыме перад вяртаннем у родную Беларусь. Здаюцца сёння поўнымі сэнсу гэтыя шчырыя радкі, напісаныя тады, калі татары дбайна, па-гаспадарку даглядалі сваю гарыстую зямлю, кожны кавалачак якой меў адпаведныя назвы.

              Гаспра, мілы мой прыпынак!
              Я ўжо скончыў свой спачынак
              І цябе я пакідаю,
              Да свайго імкнуся краю.
              Будзь прыветна, будзь здарова,
              Як татарка чарнаброва!
              Жыві доўга, як Ай-Петры,
              Хоць і веюць буйны ветры!
              Вам, магноліі, платаны,
              Кіпарысы і каштаны,
              Шлю я шчыра на прашчанне
              Ад бярозак прывітанне!
                     Янка Купала

       У 1924 г. паэты Уладзімір Дубоўка, Андрэй Александровіч і Анатоль Вольны (А.І. Ажгірэй) былі спецыяльна камандзіраваны ў Ялту, каб адшукаць і прывесці ў парадак магілу Максіма Багдановіча. Яны адшукалі гэтае месца і пасадзілі кіпарысы - з тае пары мінула 90 год, - а праз некалькі год быў пастаўлены сціплы помнік, які ў 1990-х змяніў новы. Тады ж было шмат меркаванняў і спрэчак аб вяртанні праха паэта на радзіму. Перадавала праз севастопальскіх беларусаў свой зварот да крымскіх татараў з просьбай аказваць знакі пашаны памяці Максіма Багдановіча, у травеньскія дні прыходзіць разам з беларусамі на ялцінскія могілкі, слухаць вершы Максіма.
       І вось новая хваля трывогі ў сувязі з цяперашнімі падзеямі ў Крыме. Спадзяюся, што беларусы ў думках падтрымліваюць і сваіх суседзяў-украінцаў, і крымскіх татараў, зычаць, каб людзям не давялося пакінуць сваю зямлю і стаць бежанцамі, нават і ненадоўга.
       Жадаю, каб крымскія татары здолелі абараніць тое, што ім па-праву належыць і тое, што ў іх хацелі вырваць з каранямі. Захапляюся моцай духа і вернасцю гістарычнай памяці. Веру, што яны вернуць статус крымскататарскай мовы, назвы сваёй зямлі і ператвораць сваю Таўрыду ў цвітучы край працалюбівых і адукаваных жыхароў. Звяртаюся да Ўсявышняга, каб не пакідаў іх без апекі. Пашчасліў ім Божа!

       Красавік - травень, 2014
        Разалія Александровіч

Апублікавана 2 ліпеня 2014 г.
у штотыдневіку Таварыства беларускай мовы
"Наша слова", №27
Интернет ссылки